Будучыня краіны ў руках моладзі, а таму прыцягненне ў наш раён маладых спецыялістаў і іх далейшае замацаванне на працоўным месцы мае вялікае значэнне для сацыяльнага і эканамічнага развіцця Шчучыншчыны. Як зрабіць наш рэгіён цікавым і прываблівым для моладзі? Гэтае пытанне стала ключавым у парадку дня інструктыўна-метадычнай нарады “Аб рабоце, якая праводзіцца з маладымі спецыялістамі”. Мерапрыемства прайшло на базе лесапаляўнічага комплексу Шчучынскага лясгаса і сабрала ідэалагічны актыў Шчучыншчыны.
Пачалася нарада з наведвання яе ўдзельнікамі мемарыяльнага комплексу “Музей. Зямлянка” ў вёсцы Зачэпічы. Дэлегацыя ўсклала кветкі ля памятнага знака і наведала экскурсію, арганізаваную вучнямі Орлеўскай СШ імя С.П. Шупені.
Далей удзельнікі нарады перамясціліся ў “Дом паляўнічага” ДЛГУ “Шчучынскі лясгас”, дзе абмеркавалі моладзевую палітыку ў нашым раёне.
Спачатку Вераніка Дысько, начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Шчучынскага райвыканкама, выступіла з дакладам, у якім прааналізавала работу ідэалагічнай вертыкалі Шчучынскага раёна за 9 месяцаў 2023 года. Затым аб рабоце, якая праводзіцца з маладымі спецыялістамі ў нашым раёне, расказала Анастасія Міхалоўская. Падчас даклада было прэзентавана распрацаванае аддзелам ідэалагічнай работы і па справах моладзі палажэнне аб рабоце з маладымі спецыялістамі. Палажэнне ўтрымлівае карысныя парады і рэкамендацыі, якія маюць на мэце арганізацыю камфортных умоў працы для маладога спецыяліста.
Напрыканцы нарады намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Шчучынскага лясгаса Алеся Стасюкевіч падзялілася досведам сваёй арганізацыі па прыцягненні і замацаванні маладых спецыялістаў:
– Вялікая ўвага ў нашай арганізацыі надаецца прафарыентацыйнай рабоце. На базе школ праводзяцца акцыі і адкрытыя заняткі. Дзецям прывіваецца любоў да лесу, арганізоўваюцца пазнавальныя экскурсіі па аб’ектах лясгаса. Такім чынам мы ствараем цікавасць да прафесій лясной гаспадаркі, і гэта дае вынікі. Таксама расказала аб трывалых традыцыях настаўніцтва ў Шчучынскім лясгасе.
Фота аўтара- Алег ШЫШЛОЎСКІ,