Віталій Бярнат – памочнік ляснічага Жалудоцкага лясніцтва, аднаго з самых вялікіх у Шчучынскім лясгасе, ужо дзесяць год працуе ў лясной гаспадарцы. Ён нарадзіўся і вырас на Жалудоччыне, а атрымаўшы спецыяльнасць, вырашыў застацца на роднай зямлі.
– Вызначыцца з будучай прафесіяй мне калісьці дапамаглі родныя: дзядзька і бацькі лічылі, што працаваць у лясной гаспадарцы цікава і прэстыжна, – расказвае Віталій Станіслававіч. – І я прыслухаўся да іх парады і паступіў у Віцебскі тэхналагічны каледж, каб атрымаць спецыяльнасць “тэхнік лясной гаспадаркі”. Пасля заканчэння вярнуўся на радзіму і пайшоў працаваць у Жалудоцкае лясніцтва майстрам лесу. А праз пару месяцаў мяне прызвалі на службу ў армію. Выканаў свой грамадзянскі абавязак і зноў вярнуўся ў лясніцтва, толькі ўжо майстрам на лесасеках. Праз год ляснічы прапанаваў мне заняць пасаду памочніка ляснічага.
У Жалудоцкім лясніцтве працуюць 29 чалавек, сярод якіх леснікі, лесарубы, вальшчыкі лесу і трактарысты. Тры трактары і дзве цялежкі для вывазу лесу поўнасцю забяспечваюць патрэбу лясніцтва ў транспартных сродках. Тут, як і ва ўсім лясгасе, арганізавана работа па некалькіх накірунках: лесанарыхтоўка, лесааднаўленне, ахова лесу ад шкоднікаў і ў пажаранебяспечны перыяд.
– У лясніцтве пастаянна праводзяцца мерапрыемствы па лесааднаўленні, – расказвае Віталій Станіслававіч. – Сёлета мы пасадзілі 22,6 гектара лесу. – Займаюцца пасадкамі работнікі лясніцтва, дапамагаюць школьнікі і педагагічныя калектывы школы і дзіцячага садка. Вядзецца і лесанарыхтоўка. Праводзім не суцэльныя рубкі галоўнага карыстання, дзе лес не высаджваецца, і рубкі прамежкавага карыстання. У мінулым месяцы рэалізавана каля двух тысяч метраў кубічных лесу. У асноўным гэта дзелавая драўніна, якую мы пастаўляем на станцыю Ражанка, адкуль яна накіроўваецца да спажыўца, або адпраўляем у дрэваперапрацоўчы цэх нашага лясгаса. Пэўныя аб’ёмы рэалізуюцца мясцовым фірмам. Аказваем паслугі насельніцтву ў нарыхтоўцы дроў: згодна з чаргой дастаўляем сваім транспартам. У правядзенні лесанарыхтоўкі працуем улічваючы патрабаванні плана па лесаўпарадкаванні. Зараз займаемся пераводам лясных культур у пакрытую лесам плошчу.
Адзін з самых адказных накірункаў дзейнасці – ахова лесу ад пажараў.
– На шчасце, сёлета, як і ў мінулым годзе, нам удалося пазбегнуць лясных пажараў, – працягвае Віталій Станіслававіч. – Але трэці клас пажарнай небяспекі трымаецца па сённяшні дзень. Таму арганізуем дзяжурства, згодна з рэгламентам работ па ахове ляснога фонду ад пажараў, вядзём назіранне пры дапамозе ўстаноўленых камер. На тэрыторыі лясніцтва шмат населеных пунктаў, таму мы пастаянна праводзім гутаркі з насельніцтвам: нагадваем правілы пажарнай бяспекі.
Сёлета сваё прафесійнае свята Віталій Станіслававіч упершыню будзе адзначаць разам з жонкай, якая атрымала прафесію “бухгалтар” і ў лютым гэтага года прыйшла працаваць бухгалтарам у лясніцтва. Жалудоччына і для Таццяны малая радзіма. Пасля школы яна атрымала ў Гродне прафесію мадэльера-канструктара, давялося змяніць не адно месца работы. І вось цяпер працуе разам з мужам.
– Мы не толькі разам працуем, але стараемся і ўсе хатнія справы выконваць разам, – гаворыць Таццяна. – Каля дома ў нас 23 соткі зямлі, таму займаемся добраўпарадкаваннем і ўсё вырошчваем самі на агародзе.
Віталій і Таццяна ў свой час вучыліся ў адной школе, але тады адзін аднаму не прыглянуліся. Толькі калі Віталій прыязджаў на канікулы, калі вучыўся ў Віцебску, заўважыў прыгожую дзяўчыну, якая адразу запала яму ў душу. Дзеля свайго мужа Таццяна нават згадзілася пераехаць з абласнога цэнтра ў Жалудок. І ніколькі не шкадуе.
На любым працоўным месцы, а калі гэта яшчэ і твой родны куточак зямлі, хочацца прыкласці максімум намаганняў, каб якасна выконваць свае абавязкі. Менавіта так і працуюць Віталій і Таццяна Бярнат. З вялікай любоўю да сваёй малой радзімы…
Ганна РУДСКАЯ.
Фота аўтара.
Источник: Районная газета "Дзянница"