На гэтым тыдні ў Беларусі праходзіць акцыя “Тыдзень лесу 2022”, якая прымеркавана да Года гістарычнай памяці. Удзел у ёй традыцыйна прымаюць не толькі работнікі лясной гаспадаркі, а і неабыякавыя грамадзяне нашага раёна.
Так, у Гальшанскім лясніцтве непадалёку ад вёскі Людвікаўшчына поруч з работнікамі мясцовага лясніцтва працавалі вучні дзявятых класаў Гальшанскай сярэдняй школы і сярэдняй школы №3 г.Ашмяны. Пад кіраўніцтвам вопытных леснікоў хлопцы і дзяўчаты высаджвалі сеянцы бярозы і елкі на месцы былой вырубкі.
– Сёлета на тэрыторыі нашага лясніцтва плануецца ўзнавіць 45 гектараў лесу– гэта прыкладна 99 адсоткаў ад плошчы ўсіх вырубак, – расказаў ляснічы Віталій Траццяк. – Нам актыўна дапамагаюць школьнікі. Варта адзначыць, што робяць яны гэта добра і сумленна – перасаджваць расліны за імі не даводзіцца.