Выдатны працаўнік, клапатлівы муж і бацька, аматар актыўнага адпачынку і спорту – гэта далёка не ўсе іпастасі машыніста трылёвачнай машыны ДЛГУ “Астравецкі лясгас” Паўла Афоніна.
Пазалетась указам прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Павел Вітальевіч быў узнагароджаны медалём “За адзнаку ў папярэджанні надзвычайных сітуацый”, а яго партрэт занесены на раённую Дошку гонару. З гэтай нагоды мы і сустрэліся з адным з лепшых працаўнікоў лясной гаспадаркі Астравеччыны.
– Павел, раскажыце складана кіраваць харвэстарам?
– У Астраве цкім лясгасе я з 2011 года. Спачатку працаваў у дрэваапрацоўчым цэху. Калі перад лясгасам паўстала задача перайсці ад ручной да механізаванай нарыхтоўкі драўніны, мне прапанавалі вывучыц ца на аператара шматаперацыйнай лесанарыхтоўчай тэхнікі – так пачалося маё “сяброўства” з харвэстарам. Цяпер працую з напарнікам па зменах – трое праз трое сутак. Наша задача – якасна нарыхтаваць драўніну: зваліць дрэва, раскрыжаваць на сартыменты па вызначаных памерах і скласці бярвенні. За харвэстарам следам ідзе фарвардар, які трылюе драўніну. Цяпер працую ў Падольскім лясніцтве: тры дні на лесасеке, потым тры выхадныя. Начуем у лесе ў абсталяваных усім патрэбным вагончыках.
– За гэты час ужо прывыклі да такога графіку? І не страшна ноччу ў лесе?
– Графік, канешне, не самы лёгкі – месяцамі бываю ў камандзіроўках, але, як кажуць, ваўкоў баішся – у лес не хадзі. Ласі пастаянна сустракаюцца. Аднойчы працавалі з напарнікам у Палушскім лясніцтве глыбока ў лесе і здалёк бачылі ваўка, але ён быў адзін. Неяк вярталіся з камандзіроўкі позна вечарам, і проста на дарозе ўбачылі два сілуэты ваўка і ваўчыцы: добра, вадзіцель хутка зрэагаваў – і прытармазіў, а звяры збеглі.
– Ваша праца звязана з раз’ездамі. Дзе ўжо давялося пабываць?
– Калі не памыляюся, мая першая камандзіроўка была ў 2016 годзе ў Старадарожскі вопытны лясгас. У Смалявіцкім і Чэрвеньскім лясгасах Мінскай вобласці, лясы якой некалькі гадоў назад моцна пашкодзіў ураган, правялі ледзь не год – трэба было дапамагчы калегам справіцца з наступствамі стыхіі. Работа на запланаваным участку і на тэрыторыі, дзе лес павалены ветрам, вельмі адрозніваецца. Звычайныя дрэвы проста спілаваць на корані, а буралом складана распрацаваць. Добра яшчэ, калі лес у адзін бок паклала. З завалаў цяжка даставаць тоўстыя бярвенні – машына больш часу праводзіць у руху.
– Менавіта за дапамогу іншым лясгасам вы і былі ўзнагароджаны медалём. Павел, што адчувалі, атрымліваючы такую высокую ўзнагароду з рук прэм’ер-міністра?
– Гэта быў вельмі хвалюючы момант – не кожны дзень даводзіцца бываць у Палацы Рэспублікі. (Усміхаецца .) Я адчуў гонар за лесагаспадарчую галіну краіны ў цэлым і наш лясгас у прыватнасці. Канешне, такія надзвычаныя сітуацыі, як ураган 2016-га, лепш каб не паўтараліся – але гэта бяда стала своеасаблівай лакмусавай паперкай і паказала, што лесаводы Беларусі вельмі згуртаваныя і дружныя і ў складаныя моманты гатовы прыйсці на дапамогу.
Медаль мне ўручылі ў красавіку 2018 года. А навіна пра тое, што я стаў адным з лепшых працаўнікоў краіны, якія атрымаюць дзяржаўныя ўзнагароды, стала вядома напрыканцы 2017-га. Увесь калектыў лясгаса раздзяліў са мной гэтую радасць: уручылі кветкі, а дырэктар Рыгор Долгі зачытаў Віншавальны ліст ад міністра лясной гаспадаркі.
– Занясенне партрэта на раённую Дошку гонару стала для вас нечаканасцю?
– Я знаходзіўся ў лёгкім шоку. (Усміхаецца .) Прыемна, канешне, што маю работу так высока ацаніла кіраўніцтва, але я працую не дзеля ўзнагарод ці прызнання. Ведаю, што задачу, якая стаіць перада мной, абавязкова трэба выканаць. Дзеці, калі праходзім каля Дошкі гонару, спыняюцца і шукаюць вачіыма мой партрэт. А потым кожнаму, хто праходзіць каля нас, тлумачаць, што гэта іх тата.
– У такія імгненні вы, напэўна, самы шчаслівы чалавек на зямлі. Павел, раскажыце пра сваю сям’ю.
– Жонка і дзеці – самыя галоўныя людзі ў маім жыцці. З Юляй я пазнаёміўся на сваёй радзіме, у гарадскім пасёлку Сураж, куды яна, студэнтка Віцебскай ветэрынарнай акадэміі, прыехала на практыку. Было гэта ў 2005 годзе, а праз пяць гадоў мы пабраліся шлюбам і пераехалі ў Астравец. Тут нарадзіўся наш першынец – Назар, а праз некалькі гадоў і Дар’я.
– Ведаю, што вы пастаянна ўдзельнічаеце ў розных спартыўных спаборніцтвах.
– Так, жонка і дзеці таксама, як і я, любяць спорт і актыўны адпачынак. Без іх падтрымкі тры гады запар я не займаў бы прызавых месцаў на гарадскіх спаборніцтвах па сілавым экстрыме “Асілак”. Спортам я займаюся на аматарскім узроўні і выступаю за зборную каманду Гродзенскага лесагаспадарчага аб’яднання па футболе.
Наша сям’я летась перамагла на школьных спаборніцтвах “Тата, мама, я – спартыўная сям’я!”, а таксама некалькі разоў усе ўчатырох паўдзельнічалі ў велапрабегах. Апошні – “Мы за здароўе і спорт”. Дачушка ехала са мной, а Назар самастойна адолеў дыстанцыю ў 50 кіламетраў і ніводнага разу не паскардзіўся, што яму складана. Мы з Юляй імі вельмі ганарымся.
– Што для вас самае галоўнае ў жыцці?
– Шчаслівым мяне робяць жонка і дзеці. Галоўнае, каб яны былі здаровымі, а астатняе –другаснае…
Алена ГАНУЛІЧ Астравецкая праўда, фота з архіва АП.
З першых вуснаў
Юлія, жонка:
– Мы былі зусім маладыя, калі пазнаёміліся з Паўлам. Пашу я чакала з арміі. Ён надзейны, талковы, з такім чалавекам, як кажуць, не страшна і ў агонь, і ў ваду. У нас няма канкрэтнага падзелу хатніх абавязкаў, маўляў, ты гэта робіш, а я гэта. Мы стараемся ўсё рабіць разам. Пасля работы даём тату адпачыць. Ппраўда, Паша – не з тых людзей, хто будзе ляжаць без справы на канапе. Мне вельмі пашанцавала ў гэтым сэнсе – у мяне самы лепшы муж не толькі ў Астравецкім раёне, але і ў Беларусі!
Пётр Крупенчык, намеснік дырэктара ДЛГУ “Астравецкі лясгас” па ідэалагічнай рабоце:
– Як правіла, на раённую Дошку гонару штогод трапляюць працаўнікі Астравецкага лясгаса. Павел Афонін – адказны і сумленны працаўнік, і тое, што ён трапіў у лік лепшых работнікаў раёна – цалкам яго заслуга.